Пасланне Св.Юды Тадэвуша Печать

 

Пасланне Св.Юды

(1-25)
1
Юда, слуга Езуса Хрыста, брат Якуба, — пакліканым, якіх умілаваў Бог
Айцец і захаваў Езус Хрыстус.
2
Няхай памножацца ў вас ласка, спакой і любоў.
3
Умілаваныя, з усёй руплівасцю пішу вам пра нашае супольнае збаўленне.
Я палічыў неабходным заахвоціць вас змагацца за веру, раз перададзеную
святым.
4
Бо закраліся між вас нейкія людзі, здаўна прызначаныя на гэтае
асуджэнне, бязбожнікі, якія ласку Бога нашага замянілі на разбэшчанасць і
выракаюцца адзінага Валадара і нашага Пана, Езуса Хрыста.
5
Хачу нагадаць вам, хоць вы ўсё ведаеце, што Пан вывеў народ з зямлі
егіпецкай, а тых, хто не паверыў, знішчыў.
6
Анёлаў, якія не захавалі сваёй
годнасці і пакінулі сваё жыллё, трымае ў вечных путах у цемры аж да вялікага
суднага дня.
7
Як Садома і Гамора, і навакольныя гарады, што таксама жылі ў
распусце і пажадлівасці іншага цела, сталіся прыкладам пакарання вечным
агнём.
8
Тое ж будзе і з гэтымі мройнікамі, якія апаганьваюць цела, адкідаюць
Божую ўладу, зневажаюць нябесныя істоты.
9
Нават арханёл Міхал, калі гаварыў
з д’яблам, спрачаючыся за цела Майсея, не адважыўся вынесці прысуд знявагі,
але сказаў: «Няхай Пан цябе пакарае!»
10
А гэтыя зневажаюць тое, чаго не
ведаюць, а што, як неразумныя жывёлы, па прыродзе ведаюць, тым сябе
знішчаюць.
11
Гора ім, бо пайшлі шляхам Каіна. Дзеля ўзнагароды Балаама
ўчынілі ашуканства і загінулі як узбунтаваны Карэй. На вашых гасцінах любові
яны — ганьба, банкетуюць з вамі без страху, дагаджаючы сабе!
12
Гэта аблокі
бязводныя, што вецер ганяе, гэта восеньскія дрэвы, бясплодныя, цалкам
засохлыя і выкаранёныя,
13
гэта дзікія хвалі марскія, што пеняцца сваім сорамам,
зоры блукаючыя, для якіх змрок цемры навекі наканаваны.
14
Прарочыў пра іх Энох, сёмы пасля Адама, кажучы: «Вось прыйшоў Пан з
мірыядамі святых,
15
каб учыніць суд над усімі і дакарыць кожнага за ўсе ўчынкі
бязбожнасці і за ўсе жорсткія словы, сказаныя супраць Яго бязбожнымі
грэшнікамі».
16
Яны заўсёды наракаюць, скардзяцца на лёс, паступаюць паводле
сваёй пажадівасці, а вусны іхнія гавораць пыхліва і ліслівяць іншым дзеля
сваёй карысці.
17
Вы ж, умілаваныя, памятайце словы, сказаныя раней апосталамі нашага
Пана Езуса Хрыста,
18
які кажа вам, што ў апошнія часы з’явяцца насмешнікі,
якія будуць паступаць паводле сваіх бязбожных жаданняў.
19
Гэта тыя, хто сее
падзелы, кіруецца інстынктамі і не мае Духа.
20
Але вы, умілаваныя, умацоўвайце сябе на падмурку найсвяцейшай веры
вашай і маліцеся ў Духу Святым.
21
Захоўвайце сябе ў любові Божай і чакайце
міласэрнасці нашага Пана Езуса Хрыста дзеля жыцця вечнага.
22
Да адных, што
сумняваюцца, будзьце міласэрныя;
23
другіх ратуйце, выхопліваючы з агню;
яшчэ іншым спачувайце асцярожна, ненавідзячы нават вопратку, апаганеную
целам.

24
А таму, хто можа зберагчы вас ад падзення і паставіць перад абліччам
славы сваёй беззаганнымі і радаснымі,
25
Богу адзінаму, Збаўцы нашаму, праз
Езуса Хрыста, нашага Пана — слава, веліч, панаванне і ўлада перад усімі
вякамі, цяпер і на ўсе вякі вечныя. Амэн.
___________________
© Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі