Бог - Творца сужэнстваў Печать
29.06.2016 09:32

26 чэрвеня Лучайская парафія адсвяткавала Дзень сям'і. Свята ладзіцца па ініцыятыве ксяндза пробашча Мікалая Ліпскага ў апошнюю нядзелю чэрвеня пяты год запар.

лучай

Старажытныя муры 250-ці гадовай святыні атулілі прыемнай прахалодай ў нядзельны спякотны дзень сабраных вернікаў. Напачатку адбылася канферэнцыя на тэму сям'і. Правёў яе пробашч Лучая.

Святар засяродзіў увагу на тым, што Бог-творца сужэнстваў. Ксёндз Мікалай нават прывёў статыстычныя дадзеныя разводаў, на якія ўплываюць такія факты, як шлюб, удзел у нядзельнай святой Імшы, супольная малітва. Сем'і, якія жывуць ў блізкім кантакце з Богам, найбольш моцныя і трывалыя.

Падчас Адарацыі была прачытана Літанія да святога Юзафа – апекуна сем'яў і малітва за сем'і. Святочную гамілію святар прысвяціў тэме вернасці ў сямейным жыцці. Казнадзей звярнуў увагу, як важна быць верным словам шлюбнай прысягі, якую маладыя сужонкі прамаўляюць перад Богам.

Згодна з традыцыяй лучайскіх святаў, канцэрты для іх- неад'емная частка. На гэты раз часты і жаданы госць парафіі: знакаміты беларускі бард Зміцер Вайцюшкевіч, падараваў прысутным канцэртную праграму. Звычайна, музыкант загадзя не рыхтуе асаблівыя песні, а спявае тыя, што на душы ў яго пры сустрэчы са слухачамі, або выконвае па замове. Тодар (такі сцэнічны псеўданім мае музыкант), праспяваў творы на вершы сапраўдных зорак беларускай паэзіі: Пятруся Броўкі, Генадзя Бураўкіна, Адама Русака, Уладзіміра Караткевіча, Алеся Камоцкага, Уладзіміра Някляева, а таксама выканаў "Грузінскую песню" выбітнага расійскага барда Булата Акуджавы.

Скончылася канцэртная праграма паланэзам "Развітанне з Радзімай" Міхала Клефаса Агінскага на словы Сяржука Сокалава-Воюша. Музычны твор славутага кампазітара амаль абавязковая праграма канцэртных праграм. У Лучаі не забываюць пра Агінскіх – фундатараў святыні, дзякуючы ім вёска мае велічны храм, і пра іх знакамітага патомка.

Наступны раз Лучай чакае гасцей 23 ліпеня на фэст святой Ганны. Падчас якога асаблівым чынам будзе адзначацца 250 -годдзе святыні.

Алёна Клімза-Колтан.