"Recha" у Лучаі: "Не марнуйце час на мітусню! Любіце , кахайце адно аднаго!" Печать
05.01.2014 19:09

Не марнуйце час на мітусню! Любіце , кахайце адно аднаго!

Фотарэпартаж

5 студзеня, у другую нядзелю пасля Божага нараджэння ў Лучаі адбыўся сапраўдны працяг каляднай "казкі". Пасля святой Імшы вернікі атрымалі сапраўдны калядны падарунак.

У чарговы (восьмы!) раз перад прысутнымі ў касцёле выступіў гурт "Recha" на чале з Андрусём Такіндангам. Варта ўзгадаць, што цеснае супрацоўніцтва Лучайскай парафіі і гурта "Recha" пачалося ў 2012 годзе, калі на фэст святога Андрэя Баболі быў запрошаны калектыў. Адразу, пасля першага выступу музыкі заваявалі сімпатыі гледачоў. Цікава, што падабаюцца песні не толькі моладзі, але і людзям паважанага ўзросту. Кожны знаходзіць у іх нешта сваё.

ztKx28hatsgДарэчы, назва "Recha" невыпадковая. Гурт не прытрымліваецца ніякіх стылістычных межаў, а адлюстроўвае тое, што адбываецца ў сучаснай беларускай музыцы: прасочваюцца элементы, рэха і поп-музыкі, і фальклорных матываў, і кабарэ, і аўтарскай песні.
Перад выступам пробашч Лучайскай парафіі Мікалай Ліпскі пажартаваў, што напярэдадні свята Трох каралёў выступяць "4 каралі". Напэўна, ён меў на увазе тое, што музыкі з'яўляюцца сапраўднымі віртуозамі сваёй справы.
Безумоўна, што "душа Recha" – нязменны лідар гурта Андрусь Такінданг. Асоба творчая, шматгранная. У свае 30 год праявіў сябе, як мастак, рэстаўратар, музыкант, паэт, кампазітар, тэлевядучы, а самае галоўнае, Андрусь вельмі сціплы, шчыры, цудоўны чалавек – сапраўдны хрысціянін. Нельга не ўзгадаць акардэаніста Віктара Паўлючэню, які не толькі віртуозна валодае інструментам, але і дорыць непаўторную усмешку. Немагчыма ўявіць гурт "Recha" і без гітарыстаў Яўгена Шурмея і Кастуся Лісецкага.

t-5
Напачатку выступу Андрусь Такінданг павіншаваў прысутных з Божым нараджэннем і Новым годам. У канцэрце прагучалі знаёмыя ўжо кампазіцыі, якія даўно ўжо палюбіліся Лучайцам: "Машына", "Свабодным быць", "Гражына" і іншыя. Лейтматывам свята былі сапраўдныя хрысціянскія вартасці: "Не марнуйце час на мітусню! Любіце, кахайце адно, аднаго!".
Сапраўднай неспадзяванкай свята стала прысутнасць на канцэрце Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, які прыбыў у Лучай "інкогніто".
Увогуле, працяг каляднай "казкі" атрымаўся непаўторным і незабыўным.

smotkina takindang-3

Ёсць падставы меркаваць, што і сёлетні канцэртны сезон у Лучаі будзе не меньш цікавым і насычаным, чым мінулагоднія. Так , на 2 лютага ўпершыню запрошаны выканаўца Алесь Лось. А 2 сакавіка запланаваны канцэрт вядомага беларускага выканаўцы, які ўжо мае тут шмат сваіх прыхільнікаў.


Тэкст: Лена Колтан-Клімза
Фота: Таццяна Смоткіна-Янцэвіч