Падарожжа ў Нясвіж-Мір-Івянец Печать
15.09.2013 00:00

Фотарэпартаж

7 верасня 43 паломнікі з Лучая, Шаркаўшчыны і раёна адправіліся ў падарожжа, каб наведаць сакральныя мясціны нашай краіны — Нясвіж, Мір, Івянец. А арганізаваў такую пілігрымку наш зямляк ксёндз Лучайскага касцёла Мікалай Ліпскі. Дарэчы, на працягу ўсяго падарожжа ён быў з намі. Разам з гідам яны імкнуліся азнаёміць з мясцінамі прыгожай, цудоўнай краіны і стараліся, каб гэта падарожжа стала для кожнага цікавым і запамінальным, каб мы зразумелі, наколькі багатая гісторыя нашай радзімы.


У прызначаны час прыехалі ў горад Нясвіж і перад намі адкрылася велічная святыня — фарны касцёл Божага Цела. Спецыяльна для вернікаў пілігрымкі праводзілася Імша. Узначальваў яе ксёндз Мікалай Ліпскі і дапамагаў яму пробашч тутэйшага касцёла. Дарэчы, пасля бралі шлюб маладажоны і адбывалася хрышчэнне немаўляці.
Больш як 400 гадоў амаль без перапынку ў фарным касцёле назапашваецца магутная сакральная энергетыка, што пранізвае ўвесь храм. Гэта яго дух адчуваюць таксама людзі іншых канфесій. Варта нагадаць, што ў пілігрымцы ўдзельнічалі не толькі католікі, а і іншыя. Некаторыя падарожнічалі сем’ямі, і ўсе былі маладыя духам.
Сучасны фарны касцёл Нясвіжа быў першым і застаўся адзіным з шматлікіх некалі каталіцкіх касцёлаў горада. Гэта архітэктурны помнік стылю ранняга барока — першы ізуіцкі касцёл на тэрыторыі ВКЛ, а таксама першая крыжова-купальная базіліка з бязвежавым барочным фасадам на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, з радавым магільным склепам князёў Радзівілаў. Касцёл занесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА.
Чаму спыніліся менавіта ў гэтым касцёле? А таму, што гэта адзіная святыня, якая засталася на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у якой некалі маліўся святы Андрэй Баболя.
Далей мы накіраваліся ў замак Радзівілаў, першае пісьмовае ўпамінанне аб якім адносіцца да 1446 года. Велічна і прыгожа ўздымаецца горад-крэпасць. Нясвіжскія Радзівілы сталі да сярэдзіны 18 стагоддзя ўладальнікамі сапраўды неагляднага багацця і розных тытулаў. Кожны займаў якую-небудзь прыметную пасаду. З роду Радзівілаў выйшла звыш 40 сенатараў — больш як з любога іншага знакамітага роду Рэчы Паспалітай. Інтэр’еры пакояў замка дыхалі вялікай раскошай. З галоўнага вестыбюля з шырокай трохмаршавай лесвіцай, упрыгожанай фрэскамі на тэму воінскіх трыумфаў, пачыналася чарада парадных залаў і галерэй, якія заслугоўваюць толькі захаплення.
Наступны наш прыпынак — музей “Замкавы комплекс “Мір”, што ў Карэлічскім раёне Гродзенскай вобласці. Першае пісьмовае ўпамінанне аб Міры — 1395 год. А ўжо ў 1527 годзе — ёсць упамінанне аб Мірскім замку.
Маштабы будаўнічых работ не могуць не здзіўляць і сёння. Нібы па ўзмаху чароўнай палачкі, першыя паверхі і падзямелле палацавых карпусоў напоўніліся зброяй, ядомымі запасамі, мноствам самых розных рэчаў, неабходных для камфорту.
З вялікім багажом уражанняў накіроўваемся ў Івянецкі музей традыцыйнай культуры. Але перш, чым трапіць на свята, якое там праводзілася (а гэта быў цукеркавы фэст Івкон, які ладзіла кандытарская фабрыка), завіталі ў мясцовую святыню. Каля касцёла парафіі Святога Міхаіла Арханёла нас сустрэў ксёндз Лех Баханак, які расказаў пра гісторыю стварэння пабудовы. Дарэчы, у гарадскім пасёлку Івянец звыш 4 тысяч насельніцтва, 80—90 працэнтаў з якіх — католікі.
Адным з найбольш распаўсюджаных на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага быў ордэн францішканцаў. І ў 1994 годзе айцам-францішканцам былі перададзены гістарычныя будынкі кляштара і пачаліся работы па яго ўзнаўленню. У некаторых з будынкаў у савецкія часы быў цэх эксперыментальна-даследчай вытворчасці Мінскага праектна-канструктарскага тэхналагічнага інстытута. У 2003 годзе распачалася комплексная рэстаўрацыя касцёла. Працы яшчэ вельмі многа. Важна адзначыць, што кожны год каля касцёла праходзіць Усебеларуская сустрэча моладзі.
А на галоўнай плошчы гарпасёлка працягвалася свята. У часовых гандлёвых палатках прадаваліся па нізкіх цэнах цукеркі мясцовай кандытарскай фабрыкі, праводзіліся гульні, у якасці прызоў былі цукеркі. У той час на стацыянарнай сцэне выступалі розныя фальклорныя калектывы з Мінску. Заключным акордам стала выступленне фальклорнага гурта “Пава”. Вельмі відовішчнымі атрымаліся нумары вогненнага шоу.
Вярталіся назад, калі сонца пайшло на змярканне і неба ўсыпалі зоркі. І ўсё ж па прапанове ксяндза Мікалая Ліпскага наведалі касцёл у Лучаі. Святар падрабязна расказаў пра яго гісторыю. Памаліліся Богу і падзякавалі святару за такое цудоўнае падарожжа.


Кацярына СОСНА.

http://www.klich.by