Пілігрымка па Еўропе ў Год Міласэрнасці і па слядах Францыска Скарыны. PDF Печать E-mail
11.10.2016 19:09

 

Пілігрымка ў Год Міласэрнасці і па слядах Францыска Скарыны адбылася з 20 па 30 верасня. Арганізаваў яе ксёндз Мікалай Ліпскі – нястомны вандроўнік. Дарэчы, гэта ўжо пятая пілігрымка па-за межамі Беларусі, якую ажыццявіў пробашч Лучайскай парафіі. Крыху статыстычных дадзеных- за 10 дзён вандроўкі па святынях і месцах, звязаных з нашым першадрукаром-было наведана 8 гарадоў. Удзельнічала 29 чалавек, на чале з ксяндзом Мікалаем і гідам Аляксеем Шэінам. На спідометры камфартабельнага аўтобуса – 6,5 тысяч кіламетраў. 

 

Piligrymka03

 

Маршрут быў вельмі добра прадуманы па нарастаючай уражаннямі. Пачалася пілігрымка ў страчанай беларускай сталіцы – Вільні. Аляксей Шэін, беларускамоўны гід, пісьменнік, журналіст правёў экскурс па месцах, звязаных са славутымі Беларусамі. Уразіла агромністая колькасць памятных шыльдаў на беларускай мове ў іх гонар. Цяжка пералічыць усіх, хто пакінуў свой след у Вільні: Францыск Скарына, Адам Міцкевіч, Станіслаў Манюшка, Кастусь Каліноўскі, Вацлаў Ластоўскі, Уладзіслаў Сыракомля, Янка Купала, Максім Гарэцкі, Браніслаў Тарашкевіч, Язэп Драздовіч, Наталля Арсеннева і іншыя. Давялося пабываць і на гары Гедыміна і палюбавацца цудоўнай панарамай горада. Пілігрымы мелі магчымасць паўдзельнічаць у святой Імшы, якую цэлебраваў ксёндз Мікалай Ліпскі, у Вострай Браме. Перад абразом Маці Міласэрнасці – спрадвечнай святыні нашых продкаў – вернікі дзякавалі Богу за цудоўны пачатак падарожжа. 

На наступны дзень Кракаў: культурная сталіца Польшы сустрэла вернікаў дажджом. Гэта не стала перашкодай для наведвання Барбакану, Марыяцкага касцёла, Сукенніц – гандлёвых радоў на самай вялікай у Еўропе рынкавай плошчы. Пілігрымы змаглі убачыць і будынак Кракаўскай акадэміі, дзе вучыўся Францыск Скарына. Асноўным пунктам стала наведванне Лагеўнік – месца, якое стала сэрцам культу Божай Міласэрнасці. Менавіта там у 2002 годдзе быў асвечаны Папам Янам Паўлам ІІ сусветны Санктуарый Божай Міласэрнасці. Побач з якім знаходзіцца касцёл Святога Юзафа, дзе размешчаны адзін з першых абразоў Езуса Міласэрнага. Вернікі таксама маглі пакланіцца рэліквіям святой сястры Фаўстыны Кавальскай.

 

Пiлiгрымка па Еуропе

 Арыстакратычная Вена вітала на наступны дзень вандроўнікаў. Пра аўстрыйскую сталіцу кажуць, што у ёй вуліцы пакрыты культурай, як у іншых гарадах асфальтам. Пілігрымы наведалі сабор святога Стэфана, вышыня якога складае 106 метраў. Пасля мелі магчымасць экскурсіі па венскіх вулічках, дзе іх сустрэла безліч палацаў, паркаў, помнікаў. 

Спатканне з вечным горадам – Рымам пачалося са святой Імшы ў саборы Святога Пятра. Літургія была цэлебравана лучайскім пробашчам Мікалаем пры гробе святога Язафата Кунцэвіча. Адметнасцю дня стала атрыманне Папскага бласлаўленне для парафіі святога Юды Тадэвуша Апостала з нагоды 250-годдзя яе заснавання. На другі дзень знаходжання ў Рыме вернікам пашчасціла памаліцца ў Латэранскай базіліцы –маці ўсіх касцёлаў. За два дні пілігрымы наведалі многія месцы італьянскай сталіцы, якія сталі візітоўкамі горада. Сярод іх Замак Сан Анджэла, Пьяцца Навона, Пантэон, Фантан дзі Трэві, Пьяцца дэль Попола, касцёл Святой Лесвіцы, Форум Раманум і многае іншае. Цудоўным заканчэннем стаў адпачынак на Цірэнскім моры і назіранне за заходам сонца. 

А вось убачыць світанак над Венецыяй відовішча сапраўды чароўнае і казачнае, давялося пілігрымам на наступны дзень. Насаладзіцца самым рамантычным горадам вернікі маглі на працягу некалькіх гадзінаў. Наведалі сабор святога Марка, плошчу Сан Марка, палац Дожаў, мост Рыальта. 

 

Piligrymka01

Вечарам таго ж дня пілігрымаў чакаў горад Падуя, звязаны са святым Антоніям. Наведалі велічную бызыліку, узведзеную ў гонар славутага францішканіна. Варта ўзгадаць, што тут былі занесены малітвы за пасрэдніцтвам святога Антонія, аб адбудове аднайменнай святыні ў гістарычным цэнтры Віцебска. Маліцца ў гэтай інтэнцыі неадразова заклікаў біскуп Алег Буткевіч. 

Падуя вядома ўсяму свету і сваім старадаўнім універсітэтам, навучанне ў якім праходзіў наш першадрукар Францыск Скарына. Шыльда ў гонар знакамітага земляка знаходзіцца на сценах навучальнай установы. Сапраўды асксамітны летні вечар давялося правесці, спацыруючы па брукаваных вуліцах Падуі, дзе ўсё, здаецца дыхае гісторыяй. 

Вярталіся дамой праз Прагу – маці ўсіх еўрапейскіх гарадоў. Прыгажуня Прага, горад сотні купалоў размешчана на пяці пагорках. Экскурс па чэшскай сталіцы правёў наш зямляк, які 12 год жыве і выкладае беларускую культуру, гісторыю ва ўніверсітэце. Спадар Павел цікава распавёў і пра нашага першадрукара, якому ўзведзены помнік у Празе, а таксама усталявана шыльда на друкарні, дзе выйшла ў свет у 1517 годдзе першая друкаваная Біблія на нашай мове. Пілігрымы наведалі Пражскі Град, Сабор святога Віта, прайшліся па Карлавым масту, паназіралі за астранамічным гаддзіннікам, найстарэйшым у Еўропе. 

Чэнстахова, духоўная сталіца Польшы, стала апошнім прыпынкам пілігрымаў. Наколькі цесны свет можна было пераканацца, калі на начлег спыніліся ў гасцінным сясцёр ад Анёлаў. Справа ў тым, што сярод сотні іншых дамоў розных манаскіх супольнасцяў трапіўся менавіта гэты – заснавальнікам якога быў ксёндз арцыбіскуп Вінцэнт Ключыньскі, які нарадзіўся ў 1847 годзе ў Шаркаўшчыне. Безхабітовы жаночы ордэн узнік у часы царскага пераследу. Адпачыўшы ў гасцінным доме, вернікі мелі магчымасць наведаць кляштар на Яснай Гары, даведацца пра яго шматвекавую гісторыю і памаліцца пера абразом Чорнай Мадонны, менавіта так называюць Маці Божую з Чэнстаховы.

 

Piligrymka04

Дзесяць дзён, насычаных уражаннямі, праляцелі як адна хвіліна. Пілігрымка – гэта маленькае жыццё, у якім хапае і радасцяў, і перажыванняў. Можна было удосталь насыціцца маляўнічымі краявідамі альпійскіх лугоў; вёсачак , раскіданых ля падножжа гор: крынічак, якія бруяцца з іх; алеандравыя зараслі; аліўкавыя і вінаградныя палі. Як сказаў напрыканцы ксёндз Мікалай Ліпскі, цытуючы Марка Твена, што перад адыходам у вечнасць, кожны шкадуе, што мала любіў і мала падарожнічаў. Таму будзем спадзявацца і верыць, што гэта вандроўка не была апошняй. 

Алена Клімза-Колтан, тэкст

 

Комментарии   

 
0 #1 Елена 08.01.2017 13:29
Хочу з вамi паехаць
Цитировать
 

Галоўная   Фотагалерэя   Гiсторыя   Кантакты   Мапа сайта 

Рыма-каталіцкая парафія Св.Тадэвуша Апостала ў в.Лучай Пастаўскага раёна

211852 в.Лучай, вул.Cадовая 10/1, Пастаўскі раён, Віцебская вобласць, Рэспубліка Беларусь

Тэл./факс: +375-29-803-78-44; e-mail: luchaitadeusz@gmail.com

Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі на luchai.by

 

© 2012-2017 Парафія св. Юды Тадэвуша ў в. Лучай