Малітвы PDF Печать E-mail

 

Малітва аб апецы

   Святы Юда Тадэвуш, мой магутны абаронца і апякуне, у сваіх клопатах і цярпеннях аддаюся тваёй цудоўнай апецы. 

   Я ўдзячны табе за ўсе ласкі, якія ты для мяне выпрасіў. Прашу, і надалей дапамагай мне ў працы, суцяшай у смутку, беражы ад спакусаў. Будзь маёю сілаю ў цяжкасцях, аховаю ў небяспецы. 

   Учыні, каб я прачынаўся з Богам і з Богам ішоў на спачынак. Дзень за днём вядзі мяне штораз бліжэй да Сэрца Езуса, каб адпачыў я ў Ім пасля працы і жыццёвых змаганняў, каб замест эгаізму, пыхі і абыякавасці ў маім сэрцы запанавалі любоў, ахвярнасць і пакора. Амэн.

 

Малітва ў патрэбе 

  Святы Юда Тадэвуш! Ты спрадвеку быў заступнікам тых, хто страціў усялякую надзею на паратунак. У твае рукі я аддаю цярпенні і смутак свайго сэрца. Я спадзяюся на тваё пасрэдніцтва перад Богам. Аддаючы табе сёння свой страх, з якім можа справіцца толькі Бог усемагутны, у пакоры сэрца малю аб заступніцтве. Прашу цябе: выпрасі мне ў Найсвяцейшых Сэрцаў Езуса і Марыі гэтую ласку (назваць просьбу), аб якой з надзеяй малю. Амэн.

         Ойча наш..., Вітай, Марыя..., Хвала Айцу...

  

Малітва ў хвіліну роспачы

   Святы Юда Тадэвуш, сваяк Езуса Хрыста, Пана нашага, вялікі апостал і мучанік, славуты дабрадзейнасцямі і цудамі! Ты — магутны заступнік у цяжкіх сітуацыях і безнадзейных справах.

   Звяртаюся да цябе з пакораю і даверам, з глыбіні душы просячы аб тваёй дапамозе перад Богам.

   О святы мой апякуне, якому Пан Бог даў прывілей ратаваць у тых выпадках, калі ўжо няма надзеі на дапамогу, зірні на мяне ласкава! Жыццё маё поўнае пакутаў і суму; дзень за днём праходзіць яно ў душэўным прыгнёце, а сэрца маё напоўнілася горыччу. Мае жыццёвыя дарогі вядуць праз пакуты, і рэдкі дзень мінае без клопату і слёз. Розум мой агорнуты цемраю; неспакой, заняпад духу і нават роспач урываюцца ў душу так, што я амаль забываю пра Божы Провід.

 О святы мой апякуне! Ты не можаш пакінуць мяне ў роспачы. Я не адыду ад ног тваіх, пакуль ты не выслухаеш мяне. Паспяшайся мне на паратунак, і я буду дзякаваць табе ўсё сваё жыццё, павялічваючы тваю славу. Амэн.

 

Малітва падзякі 

 Прымі, святы Юда Тадэвуш, удзячную малітву таго, хто знайшоў у табе дапамогу і літасць.  Чым магу я аддзячыць за тваю дапамогу? Праслаўляю імя тваё і буду дзякаваць табе да канца свайго жыцця.

  Пане Езу Хрыстэ, пакланяюся Табе і дзякую за ласкі, якімі Ты адарыў свайго абраніка. Амэн.

 

 

Галоўная   Фотагалерэя   Гiсторыя   Кантакты   Мапа сайта 

Рыма-каталіцкая парафія Св.Тадэвуша Апостала ў в.Лучай Пастаўскага раёна

211852 в.Лучай, вул.Cадовая 10/1, Пастаўскі раён, Віцебская вобласць, Рэспубліка Беларусь

Тэл./факс: +375-29-803-78-44; e-mail: luchaitadeusz@gmail.com

Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі на luchai.by

 

© 2012-2017 Парафія св. Юды Тадэвуша ў в. Лучай