Бог – крыніца сямейных адносінаў! PDF Печать E-mail
30.06.2014 19:50

 Фотарэпартаж

лучай229 чэрвеня ў касцёле святога Юды Тадэвуша Апостала адбыўся Дзень сям'і свята, якое мае ўжо трохгадовую традыцыю ў парафіі Лучай. Асаблівым чынам у гэты дзень вернікі моляцца за сем'і, за сужонкаў, якія сёлета адзначаюць круглую дату свайго шлюбу.

Распачалося набажэнства з адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту. Святар прамовіў малітву за сем'і. Пасля прагучала адарацыйнае разважанне (дарэчы, гэта ўжо добрая традыцыя Лучайскіх набажэнстваў). Тэмай яго быў заклік: "Будзем жывой манстранцыяй для Цябе,Пане!" Было над чым задумацца, пачуўшы словы: "Навучы нас хадзіць з Табою, Пане! На кожным кроку быць уважлівымі, каб Цябе не пакрыўдзіць, а тады жыццё зменіцца ў Магніфікат – песню шчасця."

Чаргуючы малітвы за сем'і, разважанні са спевамі да святога Юзафа – апекуна сем'яў, вернікі адаравалі Пана Езуса ў Найсвяцейшым Сакраманце, што стала добрай падрыхтоўкай да Святой Імшы.

Наступнай часткай свята стала сапраўднае сведчанне веры, якім падзяліўся з прысутнымі спадар Віктар Даўжук, катэхэт з Камаяў, які ўжо год навучае рэлігіі і дзетак з Лучайскай парафіі. Віктар Станіслававіч прадставіў сваё духоўнае сведчанне пра сям'ю, а асабліва звярнуў увагу на ролю бацькі ў сям'і (сам з'яўляецца татам дваіх дзяцей). "Вядома, што у школе могуць даць агульныя веды, але пра душу і сумленне там не навучаюць. Нават і на ўроках рэлігіі недастаткова такіх ведаў. Першымі і галоўнымі святарамі - заступнікамі Бога на зямлі - з'яўляюцца бацькі. Гэта яны сваім прыкладам павінны выхоўваць сваіх дзетак, памятаючы, што абяцалі Богу падчас іх хросту – "выхоўваць у веры".

Святую Імшу ў інтэнцыі сем'яў цэлебраваў ксёндз пралат Павел Кнурэк з Лынтупскай парафіі святога Андрэя Апостала. Святар добра вядомы, як вядучы рубрыкі "Разважаем над Божым словам" у дыяцэзіяльнай газеце "Каталіцкі веснік". У сваім казанні ксёндз Павел простымі словамі растлумачыў пра самае галоўнае у жыцці – аб любові. Аб тым, што сапраўднай крыніцай сямейных зносін з'яўляецца Бог. Засяродзіў увагу над уменнем прабачаць ў сужэнстве. Святар прыгадаў і пра апекуноў сённяшняга дня: святых Апосталаў Пятра і Паўла, пра іх духоўнае ўзрастанне, шлях да Бога. Хвалюючым момантам Літургіі стаў абрад аднаўлення сужэнскай прысягі для чатырох пар юбіляраў.

На свята завіталі артысты з кампаніі "Будзьма Беларусамі", якая ўжо цесна супрацоўнічае з Лучайскай парафіяй. Многія парафіяльныя святы ладзяцца з удзелам яе сяброў. Першай выступіла бард-спявачка Таццяна Беланогая. Артыстка выканала песні "Мова", "Мама", "Май" і іншыя на словы Яўгеніі Янішчыц, Уладзіміра Някляева. Спявачка правяла з слухачамі конкурс-апытанне: "Якія якасці неабходыя, каб пабудаваць хрысціянскую сям'ю?" Прысутныя актыўна ўдзельнічалі, пералічваючы такія якасці, як: вернасць, любоў, уменне прабачаць і за гэта атрымалі памятныя прызы ад кампаніі. Міхась Скобла – паэт, які прадставіў слухачам некалькі сваіх вершаў, сярод якіх "Стайня", пра трагічны лёс беларускіх храмаў у часы ваяўнічага бязбожжа.

Спявачка Таццяна Матафонава з сынам Адасям выканалі некалькі твораў: "Авэ, Марыя", "Развітанне з Радзімай". А на заканчэнне разам з вернікамі заспявалі беларускі хрысціянскі гімн"Магутны Божа". Пасля гэтага ксёндз Мікалай падзякаваў прысутным вернікам і артыстам, і паблагаславіў іх на шчаслівую дарогу дадому. Лучайскага пробашча без перабольшвання можна назваць “фэстмайстрам”. Гэта чалавек, які заўсёды носіць свята з сабою. Пераканацца ў гэтым можна амаль штомесяц, бо з такой перыядычнасцю праходзяць у парафіі канцэрты, сустрэчы са знакамітымі Беларусамі. А самае масштабнае свята парафіі – адпуст у гонар святой Ганны сёлета адбудзецца 26 ліпеня. Застаецца толькі здагадвацца, чым жа здзівіць Лучай на гэты раз?! Запрашаем наведаць!

 

Тэкст: Алена Колтан-Клімза

Фота: Аляксандр Кісялёў і Міхаіл Скобла

 

Комментарии   

 
+1 #1 Тэрэса 10.07.2014 20:14
Ні разу не была у Лучайскім касцёле.Сорам! Праглядзела фотаздымкі,цудо уна! Вельмі хачу на Св.Імшу 26ліпеня,толькі б здароуе дазволіла.Памаж ы мне, Божа!!!Мой родны касцёл - Камаі.Сястра траюрадная Лена Даужук там арганістка,а жыву я у Казлоушчыне.Дзя куй за усю інфармацыю і запрашэнне! Пахвалёны ЕЗУС ХРЫСТУС!
Цитировать
 

Галоўная   Фотагалерэя   Гiсторыя   Кантакты   Мапа сайта 

Рыма-каталіцкая парафія Св.Тадэвуша Апостала ў в.Лучай Пастаўскага раёна

211852 в.Лучай, вул.Cадовая 10/1, Пастаўскі раён, Віцебская вобласць, Рэспубліка Беларусь

Тэл./факс: +375-29-803-78-44; e-mail: luchaitadeusz@gmail.com

Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі на luchai.by

 

© 2012-2017 Парафія св. Юды Тадэвуша ў в. Лучай